У 1812 годзе полчышчы Напалеона ўварваліся ў Расію. Велізарнай паўмільённай арміі французаў Расія магла супрацьпаставіць толькі каля 180 тысяч чалавек, раздзеленых на 3 арміі. Рускія войскі, якіх адціскалі пераважныя сілы праціўніка, адыходзілі на ўсход. Асабліва ўпартае супраціўленне ворагу аказвала маленькая армія Баграціёна, супраць якой французы кінулі 100 тысяч чалавек. Калі Баграціён падыходзіў да Магілёва, стала вядома, што горад заняты французамі.

Пасля перамоганоснай бітвы пад Салтанаўкай Баграціён пераканаўся, што перайсці Днепр каля Магілёва немагчыма. Рускія войскі адышлі на поўдзень і каля Новага Быхава зрабілі пераправу.

Шлях іх ішоў да Прапойска. 14 ліпеня 1812 года Баграціён са сваім штабам і часткамі корпуса Раеўскага ўступіў у Прапойск. Жыхары мястэчка горача віталі герояў бітвы з французамі.

У перыяд вайны 1812 года Прапойск заставаўся ў руках рускіх. Гэтай тэрыторыі французам захапіць не ўдалося.

У канцы XVIII стагоддзя, калі беларускія землі аб’ядналіся з Рускай дзяржавай, эканамічнае развіццё Беларусі значна паскорылася. Краіна ўключылася ва ўсерасійскі рынак, што садзейнічала ліквідацыі гаспадарчай замкнёнасці і адсталасці. Варта адзначыць, што ўсходнія вобласці Беларусі яшчэ задоўга да падзелу Рэчы Паспалітай былі звязаны з рускім рынкам. Аб гэтым сведчаць частыя знаходкі рускіх манет XVIII стагоддзя на тэрыторыі нашага раёна.

Пасля аб’яднання з Рускай дзяржавай у Беларусі з’явілася многа новых прадпрыемстваў, большая частка якіх належыла памешчыкам і засноўвалася на прыгоннай працы. Так, у 1806 годзе ў Прапойску была заснавана палатняная мануфактура А. Яншыным, якому Галіцын прадаў свой маёнтак. Гэта прадпрыемства насіла назву фабрыкі. Адсюль і вуліца, якая вяла ад мястэчка да мануфактуры, стала называцца Фабрык.

Ткацтва ладзілася на 8 станках. У 1825 годзе быў вытканы 7361 метр палатна. Апрача палатна фабрыка вытварала таксама падножныя дарожкі.

Амаль уся прадукцыя фабрыкі выкарыстоўвалася ў маёнтку памешчыка і толькі нязначная частка ішла на рынак. У 1828 годзе на фабрыцы працавала 17 чалавек. Гэта былі сяляне-бабылі, якія тут жа на фабрыцы і жылі. Машын не было, і ўся праца рабілася ўручную.  З кожным годам выпуск прадукцыі скарачаўся. Апошнія ўпамінанні аб фабрыцы адносяцца да 1847 года, калі на прадпрыемстве заставалася толькі 7 рабочых. Хутка фабрыка была закрыта.

У пачатку XIX стагоддзя працягваў дзейнічаць стары вінакурны завод, заснаваны Галіцыным. Пасля перабудовы завод штогод вытвараў да 57 тысяч вядзёр віна. Значная частка гэтай прадукцыі вывозілася ў іншыя ўезды. Непасрэдна ў самой Прапойскай воласці ўжывалася каля 21600 вядзёр. У адным толькі Прапойску было адкрыта 11 корчмаў.

Апрача ўказаных у Прапойску існавала прадпрыемства шарсцяных вырабаў. Яно вырабляла простае сукно для сялянскай вопраткі. У Клінах мелася лесапілка, адкуль у розныя месцы вывозіліся дошкі для мастоў.

У пачатку XIX стагоддзя амаль усе прадпрыемствы Прапойскай воласці знаходзіліся ў руках багатага памешчыка Аляксандра Яншына, які ўсё сваё велізарнае багацце завяшчаў сыну Дзімітрыю. На пракладзе Дзімітрыя Яншына мы можам меркаваць аб жыцці дваранства таго часу, якое валодала неабмежаванай уладай над працоўным народам. У супрацьлегласць сваім суседзям, малаадукаваным памешчыкам, Яншын атрымаў па таму часу добрую адукацыю. У яго палацы ў Прапойску была багатая бібліятэка, карцінная галерэя, калекцыя мармуровых і мазаічных вырабаў, каштоўныя антычныя рэчы. Усё гэта было куплена за грошы, нажытыя на эксплуатацыі прыгонных сялян.

Больш за ўсё Яншын любіў весела праводзіць час. Розныя авантурысты, п’яніцы, якія любілі пагуляць за чужы кошт, з усіх бакоў з’язджаліся ў Прапойск. Амаль кожны дзень у доме Яншына былі піры.

Адзін з гасцей напісаў у гонар прапойскага хлебасольнага гаспадара такі верш:

 Не Димитрий ты Донской,
 Не Димитрий Самозванец,
 А Димитрий пропойской,
 Словом, – пьяница из пьяниц. 

Гэты верш так спадабаўся Яншыну, што ён падарыў аўтару цэлую вёску разам з жыхарамі.

Поделиться

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *