Клопат пра здароўе чалавека – высакародная справа, і тыя, хто прысвяціў сябе медыцыне, заўсёды карысталіся асаблівымі павагай і пашанай. Іхняя праца не ведае выхадных і свят, а сёння, калі свет змагаецца з новай навалай, жыццё выпрабоўвае на моц і маральны дух медыцынскіх работнікаў. У цяперашні час узровень даверу к людзям у белых халатах высокі як ніколі, бо вынік іхняй паўсядзённай працы – выратаваныя жыцці.

Ёсць адзін дзень на год, калі медыкі могуць адпачыць ад напружанай працы і адзначыць сваё прафесійнае свята. На мінулым тыдні напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў у кінатэатры “Радзіма” адбылося ўрачыстае мерапрыемства. У фае былі арганізаваныя фотавыстава пра будні райбальніцы, міні-паліклініка, прадстаўлены розныя медыцынскія прылады і літаратура, медыкі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праз друкаваную агітацыйную прадукцыю заклікалі да здаровала ладу жыцця.

Са словамі шчырых віншаванняў, падзякай за самаадданую працу і пажаданнямі поспехаў, новых прафесійных дасягненняў выступіла перад прысутнымі намеснік старшыні райвыканкама Алена Шаўцова. Яна ўручыла Падзячнае пісьмо ад райвыканкама калектыву цэнтральнай раённай бальніцы ў асобе галоўнага ўрача Алены Аксёнавай за арганізацыю даступнага і якаснага медыцынская абслугоўвання жыхароў раёна, высокі прафесіяналізм і ўважлівыя адносіны да пацыентаў. За арганізацыю на высокім узроўні санітарнага і эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва раёна, забеспячэнне належных умоў жыцця, працы, адпачынку і навучання, высокі прафесіяналізм Падзячны ліст райвыканкама атрымаў калектыў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Таксама Алена Міхайлаўна заахвоціла лепшых прадстаўнікоў прафесіі Падзякамі ад галіновага абкама прафсаюза, Ганаровымі граматамі і Падзякам райвыканкама, Падзячнымі лістамі, падарункамі і кветкамі ад ГА “Белая Русь”. З’яўляючыся кіраўніком раённых арганізацый Беларускага фонду міру і Чырвонага Крыжа, Алена Шаўцова разам з калегай Марыяй Даніленка і старшынёй раённага савета ветэранаў Васілём Саўчанкам ушанавалі медыкаў, якія акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў знаходзяць час актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці.

Выказваючы шчырую ўдзячнасць за чуласць, спагадлівасць, прафесіяналізм урачам, сярэдняму і малодшаму медыцынскаму персаналу, старшыня камісіі па сацыяльным пытанням раённага Савета дэпутатаў Мікалай Чумакоў уручыў лепшым працаўнікам Ганаровыя граматы і Падзячныя лісты.

Шмат цёплых слоў у адрас калег агучыла і галоўны ўрач райбальніцы Алена Аксёнава. Яна выказала пажаданні здароўя, дабрабыту і поспехаў усім, хто не разгубіў міласэрнасці і дабрыні да бліжняга, хто заўсёды на варце здароўя землякоў. Асабісты ўклад у сістэму аховы здароўя і выдатныя поспехі на медыцынскай ніве сталі добрай падставай, каб заахвоціць асобных работнікаў райбальніцы, што і не прамінула зрабіць Алена Мікалаеўна. Не засталіся па-за ўвагай і паважаныя ветэраны медыцыны раёна, аддаўшыя большую частку жыцця прафесіі, іх галоўны ўрач таксама вітала віншаваннямі, кветкамі і падарункамі ў той дзень. Таксама віншавальныя словы, нават і вершаваным радком, гучалі ад саміх медыкаў. А відэаролікі пра іх будні краналі сваёй праўдзівасцю і дэманстравалі з чым даводзіцца сутыкацца на працоўных месцах людзям у белых халатах падчас барацьбы з COVID-19.

Кіраўнікі ўстаноў сацыяльнай сферы раёна таксама былі сярод паважаных гасцей свята і агучылі словы падзякі медыкам за іх самаахвярнасць, дабрыню і прафесіяналізм. Падарункі і кветкі ў той дзень Алена Аксёнава і падначалены ёй калектыў атрымлівалі ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіны Купрыянцавай, начальніка ўпраўленння па працы, занятасці і сацыяльная абароне Вольгі Івановай, дырэктара раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людмілы Варанцовай, начальніка ўчастка паштовай сувязі Раісы Лысянковай.

Прыгожымі кампліментамі, якія аздобілі святочную сустрэчу, сталі нумары мастацкай самадзейнасці, падрыхтаваныя таленавітымі жыхарамі прысожскага краю.

Поделиться

От Оксана НЕМЦОВА

текст и фото

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *