Мяркую, не знойдзецца сярод людзей сталага ўзросту тых, хто не глядзеў класіку савецкага кіно – мастацкую стужку “Дзяўчаты”. На ўспамін прыходзіць разважанне лесаруба з кухаркай наконт колькасці страў, якія можна прыгатаваць з бульбы. І калі першы, нагадаю, налічыў толькі дзве вядомыя яму стравы – бульба смажаная ды пюрэ, то гераіня Тося Кісліцына агучыла куды больш смачнасцяў. І ўсе яны гатуюцца з нашага другога хлеба – бульбы. Я раней некалькі скептычна ставіўся да гэтага клубняплода, бо ў беларусаў ён заўсёды на стале. Але некалькі інакш я стаў думаць, калі наведаў першы гастранамічны фестываль, які праходзіў у мінулую суботу ў раёне. Месцам яго правядзення аргкамітэт абраў нашу “Блакітную крыніцу”. Таму і назву гэтае гастранамічнае свята мела сугучную – “Спадарыня “Крыніца” запрашае”.

Мерапрыемства ладзілася ў рамках праекта “МОСТ як пілотная эка-бізнес-мадэль для мясцовага і рэгіянальнага эканамічнага росту”. Праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Слаўгарадскім райвыканкамам у партнёрстве з Міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторый.

Адзначу адразу, што завітаць на фестываль, атрымаць асалоду як для душы, так і для страўніка было даволі нескладана: аўтапарк № 21 арганізаваў аўтобусны рэйс на крыніцу і назад. Але аб усім па чарзе.

Адразу хачу адзначыць, і пра гэта неаднаразова казала старшыня журы, намеснік старшыні райвыканкама, Алена Шаўцова, фестываль праводзіцца ўпершыню і яшчэ не мае гісторыі, традыцый. Але той факт, што ўдзел у ім прымаюць прадстаўнікі другіх раёнаў, абласцей і нават Расійскай Федэрацыі дае вельмі аптымістычныя прагнозы.

“Мы перакананыя, што гэты фестываль, які аб’яднаў кухараў, ганчароў, майстроў разьбы па дрэве, знойдзе сваіх прыхільнікаў. На гэтай пляцоўцы сабраліся работнікі адукацыі, культуры, іншых накірункаў. За што ім хочацца выказаць словы ўдзячнасці. Дзякуй і нашым гасцям”, – падкрэсліла Алена Міхайлаўна падчас адкрыцця фестывалю.

У складзе журы таксама былі: Валянціна Валчкова, начальнік аддзела Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай дзейнасці; Наталля Еўтухова, начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме Кармянскага райвыканкама; Дзмітрый Шатнікаў, галоўны спецыяліст гэтага ж аддзела; Галіна Купрыянцава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Спачатку для гасцей раёна была зроблена прэзентацыя цэнтра крынічнай вады. Тут ішла размова пра гісторыю Блакітнай крыніцы, яе асаблівасцях і аўтэнтычнасці. Вядомая справа, паспрабаваць ваду таксама можна было. Але не толькі яе. Тут жа былі арганізаваны майстра-класы ад Таццяны Гурынай па сыраробчаму майстэрству. Было ўдвая прыемна чуць ад гасцей фестывалю, што слаўгарадскія сыры ўжо сталі абавязковымі на сталах гурманаў нават далёка за некалькі раёнаў. Попыт на іх стаў традыцыйным, што, вядомая справа, сведчыць аб іх якасці.

Галіна Ермакова з мужам прапанавалі гасцям духмяны мёд, вытворчасцю і прапагандай якога ўжо шмат гадоў сям’я займаецца.

Але галоўная ўвага  ў той дзень надавалася гастранаміі. Хачу вярнуцца ў пачатак артыкула і нагадаць пра мой скептыцызм. Яго, лічы, на другім падворку ўжо не было: аказваецца, бульба – нібы тая гліна, з якой можна ствараць кулінарныя шэдэўры. Колькі ўсемагчымых варыяцый з бульбай прапанавалі ўдзельнікі фестывалю, не падлічыш. Адно магу з упэўненасцю сказаць: той, хто частаваўся, застаўся ў гастранамічным экстазе. Акрамя членаў журы падворкі запрашалі дэгуставаць свае пачастункі ўсім, хто завітаў на мерапрыемства.

Кожны падворак–удзельнік быў своеасаблівым не толькі па набору гатункаў. Але і падача конкурснай стравы была ў кожнага свая: недзе – з песняй, дзесьці – праз гульню, але заўсёды з настроем, весела і гасцінна.

Стравы ў той дзень галоўным чынам прадстаўлялі нацыянальную беларускую кухню. Але ад гэтага разнастайнасць і арыгінальнасць іх не страціліся.

Рамеснікам таксама была прадастаўлена магчымасць праявіць сябе. Майстар-класы дазволілі на свае вочы пабачыць, як з драўніны ў руках прафесіянала выходзяць лыжкі, талеркі, іншая прыгажосць. Сярод майстроў былі спецыялісты не толькі мясцовыя. Свае творы і душу на нашу зямлю прывезлі з Кармы, Касцюковічаў, Быхава, Бабруйска. Кожны з адмыслоўцаў быў адзначаны аргкамітэтам. Да таго ж былі арганізаваны выставы-продажы. Так, набыць можна было шмат чаго прыгожага, карыснага, смачнага.

Фестываль скончыўся. Журы ўручыла пераможцам заслужаныя ўзнагароды.

І няхай скончылася дзейства, але ў сэрцах не скончацца пазітыўныя эмоцыі, а памяць будзе доўга трымаць густ тых самых гастранамічных шэдэўраў, на дэгустацыю якіх “Спадарыня “Крыніца” запрашала”.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Поделиться