Настаўнікамі не становяцца, імі нараджаюцца. Я з упэўненасцю магу сказаць, што гэта так. Бо, на мой погляд, настаўніцкія гены перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Доказ таму – я з’яўляюся настаўнікам у чацвёртым пакаленні маёй сям’і.

Колькі памятаю сябе, заўсёды маё жыццё было звязана з настаўніцкай дзейнасцю. У дзяцінстве я назірала за бацькам, які з сур’ёзным выглядам сядзеў за сталом, дзе было вельмі шмат сшыткаў і кніг. Сядзеў доўга, задумаўшыся, і нешта пісаў… Яго пісьменны стол – гэта быў чароўны, загадкавы свет, невядомы для мяне, дзе я ўяўляла сябе галоўным героем – настаўнікам!  Слухаючы бацькавы натхнёныя і цікавыя расказы пра вучняў, школу, тут жа садзіла ўсіх сваіх лялек за парты і пачынала ўрок…

Цётка мая – прыклад сапраўднага настаўніка, адданага сваёй справе. Урокі яе незабыўныя, цікавыя, непаўторныя! Менавіта яна прывіла мне любоў да роднай мовы. Незлічоная колькасць кніг у яе пакоі натхняла мяне чытаць і чытаць…

Ідэал настаўніка – мая бабуля. Заўсёды ветлівая, спакойная, зацікаўленая, якая любіла сваіх вучняў, нягледзячы на іх дрэнныя паводзіны і адзнакі. Заўсёды з кнігай у руках, і дома, і на рабоце…

З’явілася жаданне расказаць пра ўсіх настаўнікаў сям’і Агнёвых, і было прынята рашэнне скласці нашу асабістую настаўніцкую дынастыю. Канешне, атрымалася не адразу, бо знайсці дакладныя даты, гады вучобы, працы было не так проста. Але ўспаміны маіх родных, сямейны фотаархіў, архіў дакументальны сталі маімі памочнікамі ў такой адказнай і важнай працы. Калі працавала над стварэннем дынастыі, адкрываліся факты, дагэтуль мне не вядомыя, успаміны, якія краналі да глыбіні душы… У выніку сабраўся значны матэрыял, якім хацелася падзяліцца, які, магчыма, стане прыкладам для многіх будучых настаўнікаў.

Настаўніцкая дынастыя Агнёвых налічвае аж 175 год агульнага педагагічнага стажу! Нават цяжка ўявіць сабе, колькі сшыткаў праверана за гэты час, колькі напісана планаў да ўрока, колькі кніг і падручнікаў прачытана, колькі хваляванняў і трывог… Але  з іншага боку – колькі шчырых і ясных вочак тваіх вучняў, колькі радасных і шчаслівых пачуццяў ад іх поспехаў і перамог, колькі задавальнення і радасці ад настаўніцкай працы!

Пачалося ўсё з 1954 года, калі мой дзядуля, Пётр Старавойтаў, пачаў сваю педагагічную дзейнасць настаўнікам матэматыкі. Бабуля, Антаніна Агнёва, 35 год аддала школе, працуючы настаўнікам малодшых класаў. Бацька, Міхаіл Агнёў, як і яго сястра Галіна,  працавалі настаўнікамі рускай мовы і літаратуры. Дзядзька, Аляксандр Агнёў, – настаўнікам фізічнай культуры і здароўя. Маці, Ірына Агнёва, выхоўвае дзетак у дзіцячым садку. Я заўсёды бачыла сябе настаўніцай роднай мовы і здзейсніла сваю мару. Мая сястра, Ірына Агнёва, працуе настаўнікам нямецкай мовы. Яна малодшая ў нашай дынастыі настаўнікаў, але спадзяюся, што не апошняя!

У гэтым годзе пад кіраўніцтвам  Беларускага дзяржаўнага педагагічнага  ўніверсітэта імя М. Танка пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь была выдадзена кніга «Імя табе – настаўнік. Педагагічныя дынастыі Беларусі». Мяне перапаўняе гонар, радасць і падзяка, што наша настаўніцкая  дынастыя таксама ўвайшла ў гэты зборнік, які ўручылі мне на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным прэзентацыі кнігі. Яна, безумоўна, заняла ганаровае месца не толькі на кніжнай паліцы, але і ў сэрцы, і ў душы маёй сям’і. Кніга стала сямейнай рэліквіяй!

Самае галоўнае, што я зразумела, працуючы настаўнікам – не здрадзіць сваёй прафесіі, не падвесці тых, хто стаіць за тваімі плячыма – тваіх родных, якія далі пачатак гэтай дынастыі. Бо, як і яны, я павінна з гонарам і адказнасцю несці званне «Настаўнік».

Я ўпэўнена магу сказаць, што настаўнікам я стала, дзякуючы маім родным і блізкім! Яны перадалі мне адказнасць, упэўненасць, адданасць, любоў да прафесіі. Гэтыя якасці, на мой погляд, перадаюцца ад кораня па ўсіх галінках радаслоўнага дрэва. І сёння я бачу, як мая маленькая дачка садзіць сваіх лялек за парты і пачынае ўрок…

Наша дынастыя настаўнікаў працягваецца!
Ты – настаўнік!
І лёс твой у Боскіх руках.
Ты – настаўнік!
Вучнёўскія лёсы ў твае палі рукі.
Ты – настаўнік!
І клопат, і шчасце ў вачах –
Ты адказны за поспех, за шлях, за дабро без прынукі.
Ты – настаўнік!
А колькі ты можаш зрабіць?!
Для таго, каб у душы запаліўся агеньчык?!
Для таго, каб адчуць,
Што вучнёўская зорка гарыць?
Ты – настаўнік!
Ты з факелам у цэнтры планеты!
І няхай будзе цяжка парой,
Але ўсё ж назаўжды
Адчуванне дабра і патрэбы цябе не пакіне.
Ты – настаўнік!
Ад яркай зары да зары!
Ты – настаўнік!
Настаўнікам быць і павінен!

Поделиться

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *