Менавіта падзеі апошняга тыдня напоўнілі культурнае жыццё прысожскага краю яркімі і відовішчнымі момантамі, якімі былі багатыя фестывалі. А размова ідзе пра ўжо вядомую і традыцыйную “Народную прыпеўку”. Яна стала візітнай карткай раёна і вядзе гісторыю з 2012 года. Падчас прыпеўкі ўся бадай Магілёўшчына, раёны іншых абласцей былі прадстаўлены тут сваімі талентамі. Спявалі, танчылі нават тыя, хто быў проста гледачом і госцем  мерапрыемства.

Вітаў гасцей фестывалю кіраўнік раёна Сяргей Міхалюта. Ён адзначыў, што Слаўгарадчына нездарма стала месцам традыцыйнага правядзення “Народнай прыпеўкі”. “Наш край вельмі гасцінны. Гэта падкрэсліваюць усе, хто да нас прыходзіць з мірам. А у гэтым выпадку – з прыпеўкай. Таму я перакананы, што вам на Слаўгарадчыне, каля нашай непаўторнай Блакітнай крыніцы будзе ўтульна, бяспечна і вельмі-вельмі цёпла», – адзначыў старшыня райвыканкама, даючы старт фестывалю.

А начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Алег Стэльмашок, які таксама прымаў удзел у цырымоніі адкрыцця фестывалю, падкрэсліў, што пра Слаўгарадчыну, яе людзей ведаюць далёка па-за межамі вобласці. У тым ліку за кошт такіх фестываляў, арганізацыя і правядзенне якіх кожны раз аказваюцца на самым высокім узроўні. Алег Уладзіміравіч ад арганізатараў фестывалю атрымаў духмяны каравай. А далей было гучна, весела, месцамі іранічна і нават журботна. Але настраёва, як ні круці. Раёны-удзельнікі дэманстравалі сваё майстэрства ігры на музычных інструментах, вакальныя і харэаграфічныя здольнаці. Нельга забываць, што дзейства гэтае з’яўлялася і конкурсам. Таму элемент спаборніцтва прысутнічаў і толькі нёс сваю інтрыгу. А сачыла за выступленнем удзельнікаў кампетэнтнае журы. Таму ацэнку кожнаму нумару праграмы давалі насамрэч эксперты.

Але не песняй, як кажуць, адзінай. Было шмат цікавага, пазнавальнага і забаўляльнага на тым фестывалі. Кожны узрост, род заняткаў, тэмперамент мог знайсці для сябе “бальзам на душу”. Майстар-класы вучылі вырабляць, маляваць, ствараць прыгажосць сваімі рукамі. Падворкі шчодра частавалі гасцей і ўдзельнікаў разнастойнай смакатой. Дзецям таксама было дзе час бавіць.

Для аматараў актыўнага стылю жыцця прапанаваўся пракат рознага кшталту інвентару, арганізаваны былі экскурсіі. Да таго ж, акрамя тэматычных падворкаў была магчымасць і для “мазгавога штурму”. А дакладней, за “круглым сталом” гасцей свята знаёмілі з праектнай дзейнасцю, якая арганізаваная ў раёне і ўжо дэманструе свае вынікі.

Свята падыйшло да фіналу. Адгучалі песні, скончыліся танцы. Журы агучыла вынікі. А намеснік старшыні райвыканкама Алена Шаўцова разам з Галінай Купрыянцавай, начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, выканалі ўрачыстую місію: адзначылі тых, для каго сцэна, народная творчасць і песня – сэнс жыцця. Узнагароды, падарункі, словы падзякі дасталіся кожнаму, хто завітаў на “Народную прыпеўку”, нягледзячы ні на што. І я перакананы, што гэты фестываль, як і шэраг іншых, будзе запатрабаваны да тых часоў, пакуль душы нашыя будуць прагнуць радасці, песні, адпачынку. А хочацца верыць, што так будзе заўсёды.

Поделиться

От Уладзімір РЫЖАНКОЎ

Фота аўтара і Таццяны СКАЛЬЗАЕВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *